Menu

ПСАЛЬМЫ 115

NJO

1 Ня нам, ГОСПАДЗЕ, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу дзеля міласэрнасьці Тваёй, дзеля праўды Тваёй! 2 Навошта казаць паганам: “Дзе ж Бог іхні?" 3 А Бог наш у небе; усё, што Яму да спадобы, Ён робіць. 4 Іхнія ідалы — срэбра і золата, творы рук чалавечых. 5 Маюць вусны, і не гавораць; маюць вочы, і ня бачаць; 6 маюць вушы, і ня чуюць, маюць ноздры, і нюху няма; 7 рукі ў іх, і ня мацаюць; ногі ў іх, і ня ходзяць; і не выказваюцца горлам сваім. 8 Няхай стануцца падобнымі да іх тыя, што іх робяць, усе, што на іх спадзяюцца. 9 Ізраілю, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх! 10 Доме Аарона, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх! 11 Вы, што ГОСПАДА баіцёся, спадзявайцеся на ГОСПАДА: Ён — дапамога іхняя і шчыт іх! 12 ГОСПАД памятае пра нас. Ён будзе дабраслаўляць, Ён будзе дабраслаўляць дом Ізраіля, Ён будзе дабраслаўляць дом Аарона, 13 Ён будзе дабраслаўляць тых, што баяцца ГОСПАДА, разам малых і вялікіх. 14 Няхай памножыць вас ГОСПАД, вас і вашых сыноў. 15 Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, Які стварыў неба і зямлю. 16 Неба — неба ГОСПАДА, а зямлю Ён даў сынам чалавечым. 17 Ня мёртвыя хваляць ГОСПАДА, ня ўсе тыя, што зыходзяць ў [месца] маўчаньня, 18 але мы будзем дабраслаўляць ГОСПАДА ад цяпер і на вякі. Альлелюя!

Everything we make is available for free because of a generous community of supporters.

Donate