ПСАЛЬМЫ 94
NJO1 Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй! 2 Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны! 3 Дакуль бязбожнікі, ГОСПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца? 4 [Дакуль] будуць плявузгаць, гаварыць дзёрзка, прамаўляць усе злачынцы. 5 Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю. 6 Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць, 7 і кажуць: “Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якубавы!" 8 Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце? 9 Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць? 10 Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам? 11 ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць. 12 Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго закону Твайму, 13 каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка. 14 Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне. 15 Бо зьвернецца суд да справядлівасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам. 16 Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства? 17 Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у [месцы] маўчаньня. 18 Калі я сказаў: “Хістаецца нага мая!”, міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, ўмацавала мяне. 19 Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю. 20 Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы [Тваёй]? 21 Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць. 22 Але ГОСПАД стаўся умацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго. 23 І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш.
