ПСАЛЬМЫ 83
NJO1 Сьпеў. Псальм Асафа. 2 Божа! Не маўчы, і ня будзь у маўчаньні і ў супакоі, Божа! 3 Бо вось, узварухнуліся ворагі Твае, і ненавісьнікі Тваі паднялі галаву. 4 Супраць народу Твайго яны кнуюць [намеры] таемныя і радзяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш. 5 Яны сказалі: “Хадзіце і сатрэм іх між народамі, і імя Ізраіля ня будзе ўзгадвацца болей”. 6 Бо радзіліся яны аднадумна, супраць Цябе заключылі запавет 7 намёты Эдому і Ізмаэляне, Мааў і Агаране, 8 Геваль і Амон і Амалек, Філістынцы і жыхары Тыру. 9 І Асур далучыўся да іх, стаўся ён рамяном для сыноў Лёта. (Сэлях) 10 Зрабі ж Ты ім як Мадыяну, як Сісэры, як Явіну ля ручая Кішон, 11 якія зьнішчаныя каля Эндору, сталіся як гной на зямлі. 12 Учыні з імі, з магнатамі іхнімі як з Арэвам і Зэвам, і з усімі князямі іхнімі, як з Зэвахам і Сальмунам, 13 якія казалі: “Возьмем сабе ў спадчыну сялібы Божыя!" 14 Божа мой! Зрабі іх як [пыл у] віхуры, як салому пад ветрам! 15 Як агонь паліць лясы і як полымя апальвае горы, 16 гэтак перасьледуй Ты іх бурай Тваёю і віхрам Тваім напалохай! 17 Напоўні сорамам твары іхнія, і будуць шукаць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ. 18 Няхай будуць асаромленыя і спалоханыя навечна, няхай будуць у сораме і загінуць, 19 і пазнаюць, што імя Тваё — ГОСПАД, і толькі Ты — Найвышэйшы над усёй зямлёю.
