Menu

ПСАЛЬМЫ 132

NJO

1 Сьпеў узыходжаньня. Узгадай, ГОСПАДЗЕ, пра Давіда і ўсе беды ягоныя, 2 як ён прысягаў ГОСПАДУ, даваў абяцаньне Моцнаму Якубаваму: 3 “Не ўвайду ў намёт дому майго, не ўзыйду на пасьцель ложка майго, 4 ня дам вачам маім сну і павекам маім дрымоты, 5 пакуль не знайду месца для ГОСПАДА, сялібы для Моцнага Якубавага!" 6 Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Яару. 7 Хадзем у сялібу Ягоную, паклонімся перад падножжам стопаў Ягоных. 8 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, ў месца супачынку Твайго, Ты і каўчэг моцы Тваёй! 9 Сьвятары Твае няхай апрануцца ў праведнасьць, і багабойныя Твае няхай радуюцца! 10 Дзеля Давіда, слугі Твайго, не адварочвай аблічча ад памазанца Твайго! 11 Прысягаў ГОСПАД Давіду праўду і не адступіцца ад яе: “Таго, [хто ёсьць] плод улоньня твайго, пасаджу на пасадзе тваім. 12 І калі сыны Твае будуць захоўваць запавет Мой і сьведчаньні Мае, якім буду навучаць іх, таксама сыны іхнія будуць вечна сядзець на пасадзе тваім”. 13 Бо ГОСПАД выбраў Сыён, пажадаў, [каб быў] сялібай для Яго, [кажучы]: 14 “Вось месца супачынку Майго вечна. Тут буду жыць, бо яго ўпадабаў. 15 Дабраслаўляючы, дабраслаўлю здабытак ягоны, убогіх ягоных насычу хлебам. 16 І сьвятароў ягоных апрану ў збаўленьне, і багабойныя ягоныя, радуючыся, радавацца будуць. 17 Там Я ўзрашчу рог Давіду, там пастаўлю сьветач памазанцу Майму. 18 Ворагаў ягоных апрану ў ганьбу, а над ім расквітнее дыядэма”.

Everything we make is available for free because of a generous community of supporters.

Donate