Menu

ПСАЛЬМЫ 108

NJO

1 Сьпеў. Псальм Давіда. 2 Ўмацаванае сэрца маё, Божа! Буду сьпяваць і выслаўляць [Цябе] ў славе маёй! 3 Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне! 4 Буду славіць Цябе сярод людзей, ГОСПАДЗЕ, і буду выслаўляць Цябе сярод народаў, 5 бо па-над неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў. 6 Узьвялічся па-над неба, Божа, і па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая! 7 Каб былі ўратаваныя ўмілаваныя Твае, збаў правіцай Тваёй і адкажы мне! 8 Бог сказаў у сьвятасьці Сваёй: “Я ўзрадуюся! Я падзялю Сыхем, і даліну Сукот разьмераю. 9 Мой Гілеад, Мой Манаса, і Эфраім — моц галавы Маёй, Юда — заканадаўца Мой! 10 Мааў — міса для мыцьця Майго; на Эдом кіну сандалы Мае; над [зямлёй] Філістынскай радасна гукаць буду! 11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто завядзе мяне ў Эдом? 12 Ці ж ня Ты, Божа, нас пакінуў і не выходзіш, Божа, з войскамі нашымі? 13 Дай нам успамогу ў прыгнечаньні [нашым], бо марны ратунак чалавечы. 14 З Богам мы зьявім сілу, і Ён растопча прыгнятальнікаў нашых.

Everything we make is available for free because of a generous community of supporters.

Donate