Menu

ПРЫПОВЕСЬЦІ 20

NJO

1 Віно зьдзеклівае, сікера галасьлівая, і кожны, хто блукае з імі, ня мае мудрасьці. 2 Ярасьць валадара — як рыканьне ільва, хто выклікае яе, грашыць супраць душы сваёй. 3 Слава для чалавека — пакінуць спрэчку, а ўсе неразумныя задзірлівыя. 4 Дзеля холаду гультай ня хоча араць, таму будзе прасіць у час жніва, і [не атрымае] нічога. 5 Намеры ў сэрцы чалавека — глыбокія воды, але разумны чалавек вычэрпвае іх. 6 Багата людзей абвяшчае пра міласэрнасьць сваю, але праўдамоўнага чалавека хто можа знайсьці? 7 Праведнік ходзіць у беззаганнасьці сваёй, шчасьлівыя сыны ягоныя пасьля яго. 8 Валадар, які сядзіць на судовым пасадзе, расьцярушвае вачыма сваімі ўсякую ліхоту. 9 Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца маё, я чысты ад грэху майго»? 10 Неаднолькавыя вагі і неаднолькавая эфа, адно і другое — агіда для ГОСПАДА. 11 Нават у юнака па паводзінах можна зразумець, ці чыстыя, ці правыя справы ягоныя. 12 Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць, — ГОСПАД зрабіў і адно, і другое. 13 Не любі спаць, каб табе не зьбяднець, адкрый вочы свае, і насыцішся хлебам. 14 «Дрэннае, дрэннае», — кажа пакупнік, а калі адыдзецца, тады хваліцца. 15 Ёсьць золата і мноства пэрлінаў, але найкаштоўнейшая рэч — вусны разумныя. 16 Забяры адзеньне яго, бо ён паручы?ўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго. 17 Салодкі чалавеку хлеб ашуканства, але потым пяском напоўняцца вусны ягоныя. 18 Думкі ўмацоўваюцца парадамі, і з разважлівасьцю вядзі вайну. 19 Хто ходзіць абмоўнікам, той выяўляе таямніцы, дык ня зьвязвайся з тым, хто рот свой разьзяўляе. 20 Хто кляне бацьку свайго і маці сваю, у таго сьветач патухне сярод глыбокай цемры. 21 Спадчына, спачатку пасьпешліва здабытая, ня будзе пры канцы дабраслаўлёная. 22 Не кажы: «Я адплачу за зло», спадзявайся на ГОСПАДА, і Ён вы?бавіць цябе. 23 Агіда для ГОСПАДА — неаднолькавыя вагі, і шалі падманлівыя — ня добра. 24 Ад ГОСПАДА крокі чалавека, і як жа чалавеку зразумець шлях свой? 25 Пастка для чалавека — пасьпешліва зрабіць шлюбаваньне, а пасьля абяцаньня разважаць. 26 Мудры валадар расьцярушыць бязбожнікаў і зьверне на іх кола [малатарнае]. 27 Сьветач ГОСПАДАЎ — дух чалавечы, ён дасьледуе ўсе сховы нутра. 28 Міласэрнасьць і праўда ахоўваюць валадара, і міласэрнасьцю ўмацоўваецца пасад ягоны. 29 Слава юнакоў — сіла іхняя, а веліч старых — сівізна. 30 Вы?тні і раны — лекавальная масьць ад ліхоты, і ўдары ў глыбіню нутра.

Everything we make is available for free because of a generous community of supporters.

Donate