Menu

ЭКЛЕЗІЯСТ 3

NJO

1 Для ўсяго ёсьць свой тэрмін, i час для кожнай рэчы пад небам; 2 Час нараджацца i час памiраць, час садзiць i час вырываць тое, што пасаджана. 3 Час забiваць i час лекаваць, час разбураць i час будаваць. 4 Час плакаць i час сьмяяцца, час галасiць i час танчыць. 5 Час кiдаць камянi i час зьбiраць камяні, час абдымаць i час пазьбягаць абдымкаў. 6 Час шукаць i час губляць, час захоўваць i час пакiдаць. 7 Час разьдзiраць i час сшываць, час маўчаць i час гаварыць. 8 Час любiць i час ненавiдзець, час вайны i час мiру. 9 Што за карысьць мае з працы сваёй той, хто працуе? 10 І я ўбачыў занятак, які даў Бог сынам чалавечым, каб яны займалiся ім. 11 Усё Ён зрабiў прыгожым у свой час; і даў iм вечнасьць у сэрца, аднак чалавек не спасьцігне справаў, якiя робіць Бог, ад пачатку аж да канца. 12 І даведаўся я, што няма для іх нiчога лепшага, як весяліцца i рабіць добрае ў жыцьці сваім. 13 І тое, што кожны чалавек есьць i п’е, i бачыць добрае з усёй цяжкай працы сваёй, — гэта дар Божы. 14 І даведаўся я, што ўсё, што робiць Бог, трывае на вякі; нельга да таго дадаць і нельга ад таго адняць, і Бог робіць так, каб баяліся аблічча Яго. 15 Тое, што было, цяпер ёсьць, і тое, што мае быць, ужо было, і Бог знаходзіць тое, што прамiнула. 16 І яшчэ бачыў я пад сонцам: месца суду, а там беззаконьне, месца праведнасьці, а там няправасьць. 17 Сказаў я ў сэрцы маiм: “Праведніка і бязбожніка будзе судзiць Бог, бо там ёсьць час на кожную рэч i на кожную справу”. 18 Сказаў я ў сэрцы маiм пра сыноў чалавечых, што Бог ачышчае іх i паказвае, што яны самi па сабе — як тая жывёла. 19 Бо доля сыноў чалавечых і доля жывёлы — аднолькавая доля, як тыя паміраюць, так і гэтыя паміраюць, і дух [жыцьця] аднолькавы для ўсіх, і няма ў чалавека перавагі над жывёлаю, бо ўсё — марнасьць. 20 Усё iдзе ў адно месца, усё з пылу паўстала, і ўсё ў пыл вяртаецца. 21 Хто ведае, цi дух сыноў чалавечых узыходзіць угору, цi дух жывёлы зыходзiць унiз, у зямлю? 22 I ўбачыў я, што нiчога няма лепшага для чалавека, як радавацца са справаў сваіх, бо гэта доля ягоная. Бо хто прывядзе яго паглядзець на тое, што будзе пасьля яго?

Everything we make is available for free because of a generous community of supporters.

Donate